16 авг 2015 в 22:06 — 4 года назад

Чарговы фэст у Поўсвіжы


Васіль Шкіндзер зноў ладкуе фэст на сваёй аграсядзібе "Поўсвіж". Запрашае ўсіх неабыякавых да сваіх каранёў людзей.

Але на кароткай афішы змешчаныя не ўсе падзеі, што будуць адбывацца на фэсце. Выдам тое, што Васіль Шкіндзер прыхаваў на сюрпрыз. Аргкамітэт фэсту вырашыў, што на Капішчы сумна стаяць мужыкам Перуну і Вялесу. Каб неяк згладзіць іх самоту, лепельскія разьбяры на фэсце будуць выразаць з бервяна сяброўку багам, а канкрэтна багіню ўрадлівасці і лёсу Мокаш (Макош).

Не сумуйце, паважаныя паганскія багі. Праз нейкі час паміж вамі паселіцца Макош. Забава вам будзе.

А яшчэ Васіль Шкіндзер пакуль у пастарунку трымае двух Цмокаў, каб не ўцяклі ў возера да Фэсту, на якім хоча пасадзіць добрых міфічных істот на ганаровае месца.

Прыходзьце пазнаёміцца з добрымі пачварамі, якія ў Лепелі множацца год ад году.

Промотров сегодня: 1 ,за неделю: 9, всего: 3336



23 авг 2015 в 08:20 — 4 года назад

ФОТАІНФАРМАЦЫЯ

На фэст прыкацілася тэхніка ўсіх відаў. Зафіксаваў як найбольш экзатычную - байкі. Першымі да Васілёвай баравой алеі прычалілі Скалаброды:

Васілёў байк выклікаў разумную цікавасць фэстнікаў:

Мой "Мат" прыцягнуў увагу малодшых удзельнікаў фэсту:

За абсалютным няйменнем вольнага часу фотаінфармацыю з фэсту буду падаваць урыўкамі. Да спаткання ўвечары!

1


23 авг 2015 в 20:49 — 4 года назад

Першых на фэсце спаткаў... немцаў. Йорк, Крысціна і Ральф прыехалі са Штральзунда ў госці да лепелькі Вольгі Ігнатовіч. Упадабалі драўляную скульптуру Івана Будзіча і вырашылі яе купіць:

Затым на Васілёў бугор ускараскалася каманда родных Васіля Хацкевіча:



23 авг 2015 в 21:19 — 4 года назад

Падаўся братоў журналістаў шукаць. Лепельскае тэлебачанне ўжо запіс распачало:

Мінчанка Марына Яўсейчык арганізатараў штурмуе:

Нарэшце і глыбачанка Таня Смоткіна завітала:

Марыў да пачатку фэсту захапіць самы люксавы нумар фэставы, аднак яго пярвей заняла віцяблянка Караліна з фальклёрнага гурту "Паўночная Сухадроўка":

Адступіў. А як зноў прыступіў, дзяўчынкі на сене ўладкаваліся:

Пры чарговай маёй спробе добрыя дзеўкі з полацкага гурта "Варган" у люксе асталяваліся. Убачыўшы маю камеру, мужык ад іх кінуўся ўцякаць. Мабыць, каб жонка, зазірнуўшы на наш сайт, не засекла. А дзеўкам смешачкі - баяцца няма каго:

Ля арэляў страшна праходзіць было - дзеці ператварылі іх у пускавую пляцоўку, усё ўзляцець імкнуліся:

Самыя адважныя спрабавалі пераўвасобіцца ў Дыягена:



23 авг 2015 в 21:50 — 4 года назад

Майстры-ўмельцыі майстар-класы па навучэнні свайму майстэрству праводзіць узяліся. Святлана Чэрнікава вучыць Іру Бадзяй і Насту Саўчанку саломапляценню:

Заўтрашні харэограф Таня Балотнік упадабала любімы занятак Дзяніса Дзёмкі - выразаць драўляныя скульптуры. Вучыцца:

Іван Будзіч узяўся паказваць, як з дапамогай бензапілы можна цуды тварыць, а не толькі дрэвы валіць. Што ж ён задумаў? Сказаў, што будзе абярэг-вартаўнік шкіндзеравай сядзібы:

Штосьці праразаецца. Ці здагадаліся, што?

Дык гэтаж сава! Яна ўначы не спіць, сцеражэ свае ўладанні:



24 авг 2015 в 09:24 — 4 года назад

Іван не сунімаецца:

А гаспадар Шкіндзер і яго нязменны вядоўца Саўчанка распачынаюць фэст:

Практычна кожнага ўдзельніка прадстаўляюць грамадзе, на мяне толькі забыліся. Вось пра сябе распавядае Сняжана Аўтушка. Яна выставіла посуд, выраблены з газет, у што ніяк не хацелі верыць гледачы:

Сям´я Буйловых вітае прысутных:

Прыемна бачыць на свяце Аляксандра Астроўкага. Мы з ім нават пакупацца ў Поўсвіжы схадзілі:

І лепельскія мальцы склалі нам кампанію на пляжы Поўсвіжа:

Таня Балотнік з Юркоўшчыны паказвае на Івана Будзіча. Кажа, што за яго працай можна назіраць бясконца, як за бруеннем вады, калыханнем агню, зорным небам:

Я не чуў, што казаў сам Іван, бо бясконца круціўся вакол яго, выбіраючы лепшы ракурс - сонца перашкаджала:

Не адкруціўся ад прадстаўлення і яшчэ адзін мастак-разьбяр Ігар Будрэвіч:

Разьбяр Дзяніс Дзёмка - штатны фэстнік. Пакуль ён гаворыць, я кумекаю, як яго ўгаварыць выразаць мне драўляную лыжку вандроўную:

Паўсвіжанец Уладзімір Азаронак - ганаровы госць на Васілёвым бугры. Іграе на баяне. Ветэран рамзавода. Усё працоўнае жыццё там бочкі пад звадкаваны аміяк варыў, пра якія моладзь нават і не ведае. Валодзя прапаноўвае абраць Васіля Шкіндзера прэзідэнтам Вялікага Поўсвіжа:

Усіх гасцей паказаць не атрымаецца - надта доўга. Аднак яшчэ два здымкі з гэтага сюжэту змяшчу. Усёй сям´ёй завіталі на Васілёў бугор Шушкевічы з Лепеля. Едуць адразу да ўсіхных бацькоў. Ягоныя жывуць у Зялёным Востраве, яе - у Паддуб´і. Дарэчы, Коля нарадзіўся ў легендарнай вёсцы Тадуліна. На ўсю Беларусь славіцца яна помнікам прыроды рэспубліканскай значнасці - Цар-дубам:

Ну, як не паказаць такіх спрытных маладзіц? Сябе ж сам потым вінаваціць буду. Вось толькі прадстаўляць не бяруся - раптам наблытаю ў чымсьці. Кпіць тады з мяне будуць:



24 авг 2015 в 22:26 — 4 года назад

Мітусьлівы панядзелак завяршаецца. Вяртаюся на Васілёў Бугор - такая назва яго аграсядзібы выглядае больш інтрыгавальна, больш загадкава, больш рэкламна, больш зразумела для чужынцаў. Бо нават на Лепельшчыне ў Сушанскім ці Домжарыцкім краях наўрад ці ведаюць, што такое Поўсвіж.

Журналістка з Глыбокага Таня Смоткіна не сама бярэ інтэрв´ю, а яе штурмуюць вядоўцы:

Пачынаецца канцэрт. Але мне зноў не выпадае сесці і паглядзець: доля такая - і тут я будзь, і там я будзь. Спявае фальклёрны гурт "Варган" з Полацка:

Ой, як зацягнула "Купалінку" Насця Жарнасек. Аж паскокаць праз начное вогнішча захацелася:

Нават сам гаспадар са сваім супольнікам песню народную па-майстэрску выконваюць. Але супольнік не любіць фігураваць у СМІ, таму яго не называю:

Вой, дык гэта ж Люда Шыпуля на сцэну выйшла! "Дзеўкі ходзяць..." - спявае. Ды якія там дзеўкі будуць у галаве пасля самой спявачкі. Нават калі Люда не спявае, на яе можна глядзець бясконца, як на вадаспад, як на полымя ўначы:

Нават Жэнька Ясюкевіч не вытрымаў і кінуўся на дудзе Людцы падыграваць. Яны ж не рэпетавалі, выпадкова сустрэліся, а як цудоўна атрымліваецца. Артысты ж:

У навагоднюю ноч на Саборнай плошчы я так Люду наслухаўся, што яна мне да раніцы снілася. А што я казаў! Няма такога чалавека, хто б не звярнуў увагу на Шыпулю. Вунь Таня Смоткіна так зачаравалася яе спевам, што пацягнула ў засень інтэрв´ю браць:

Так Людкай захапіўся, што правароніў, як спявалі мае любімыя сухадроўкі з віцебскага фальклёрнага гурта "Паўночная Сухадроўка" (прыток такі ёсць у Лучосы). А яны адспяваліся ды ўзяліся вучыць прысутных старадаўнім скокам:

Тут з´явіўся Васілёў бацька Аляксандр Шкіндзер з Новых Валосавічаў ды ўзяўся смешную байку распавядаць пра сэксуальна заклапочанага казла, які паспрабаваў ад роднай казы ўцячы да экзатычнай кенгуру. Вядома ж мы, мужыкі, ведаем канец байкі і яе мараль па сваёй практыцы. Экзотыка добра, але лепей сэксуальная будзёншчына для сямейнага жыцця:

А сонца смаліць, бы ў Сахары. Я дык з Аляксандрам Астроўскім ды лепельскімі мальцамі збегаў у Поўсвіжы пабоўтаўся. А артысты ж не пакінуць сцэну. Але ўсё ж не вытрымалі і перамясціліся з гарачэнага ганка ў засень чума:

Зноў мяне клічуць, не даюць спакойна фотаінфармацыю завяршыць, зрываюць з Васілёвага Бугра. Але я вярнуся на яго. Заўтра.



25 авг 2015 в 12:45 — 4 года назад

Завтра наступило, а Василёвага Бугра не видно...



25 авг 2015 в 23:37 — 4 года назад

Добры вечар. Запрашаю вярнуцца на суботні Васілёў Бугор. Час абедзенны. Фэстнікам трэба падмацавацца. Васіль паклапаціўся пра тое. Яго пляменніца Ліза Шкіндзер па майстэрску падкідвае на патэльні драныя бліны:

Кашу прыгатаваў турыст, які не жадае сябе паказваць. Таму раздаваць яе ўзялася Таня Балотнік:

Накладвае на капусны ліст. Лыжкай служыць абструганая трэска. Вунь як смачна намінае Валодзя Азаронак:

Але Тані хутка надакучыла быць раздатчыцай. Тады кожны стаў абслугоўваць сам сябе па прынцыпе шведскага стала - накладвай, колькі хочаш, падыходзь па дабаўку, пакуль лезе, усё адно плаціць не трэба: бясплатная каша. Майстры прытаміліся, дык паглынанне кашы паслужыла адпачынкам для іх рук:

Так рассмакаваліся госці і ўдзельнікі, што па кашу чарга ўтварылася. Каб хутчэй пайшла справа, Таня зноў за палонік узялася:

Толькі ўмалаціў тры міскі дармавой кашы, як атрымаў паведамленне, што аж з самой Масквы да мяне ў госці завітаў мой лепшы сябра дзяцінства, аднавясковец і двайны цёзка Валодзя Шушкевіч. Памчаў на сустрэчу з ім:

Зараз павязу яго паказваць славутыя мясціны Лепельшчыны - у 1968 годзе пакінуў чалавек наш край. Спачатку на Данбас пераехаў, потым у Маскву перасяліўся. Але не змаскалеў, як некаторыя. Адэкватна ацэньвае акупацыю часткі Украіны і шкоду партызанскага руху для мясцовага насельніцтва. Пад вечар завітаем на Васілёў Бугор разам з ім, а пакуль пададзімся на экскурсію па родным краі.



26 авг 2015 в 20:27 — 4 года назад

І павёз я сябрука дзяцінства паказваць славутыя мясціны Лепельшчыны з разлікам, што ўвечары разам завітаем на Васілёў Бугор. Спачатку зацягнуў Валодзю Шушкевіча на Капішча:

Як і усе замежнікі, ён уставіў нагу ў след Следавіка:

Спыніліся ля старога млына ў Зялёным Востраве:

Як і ўсе навічкі ля Цар-Дуба, Валодзя паспрабаваў абхапіць волата:

Цмока Лепельскага масквіч наведаў, як толькі прыехаў у Лепель. Цяпер я паказаў яму, як у нас размнажаюцца Цмокі:

З радзільні Цмокаў павёз я сябрука дзяцінства на Васілёў Бугор. А там...



27 авг 2015 в 20:55 — 4 года назад

...галоўны самавар Поўсвіжа Віктар Віктараў гарбатай на зёлках частаваў.

Узялі сабе па конаўцы ды ў завяршальнае застолле ўліліся.

Палачане засталіся начаваць, а мы з сябрам у горад падаліся ўзгадваць далёкае савецкае дзяцінства. Яно было цікавым - толькі ў пятым класе электрычнае святло ў Гадзіўлі ўбачылі. Радыё дык пачулі ў другім.

Пасля Валодзя Шушкевіч здзіўляўся, што ўсе застольнікі па-беларуску размаўлялі. Адказаў, што да вечара дацягнулі выключна нацыяналісты.

Да спаткання на Васілёвым Бугры праз год на чарговым, восьмым фэсце.









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




НА ГЛАВНУЮ