“Лепельский край”


13. 05. 2008
Просмотров: 2 898
Служба новостей ЛТВ

5 мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень друку – прафесійнае свята людзей творчай думкі, якія выдатна валодаюць мовай, маюць багаты ўнутраны свет, здольныя бачыць яркія імгненні жыцця і дарыць іх акружаючым. Штодзень яны выконваюць свой пачэсны абавязак – працуюць над стварэннем летапісу роднага краю. Вы, ужо, напэўна, здагадаліся, што размова ідзе пра супрацоўнікаў раённай газеты “Лепельскі край”. Ва ўсе часы гэта друкаванае выданне было адным з самых любімых і чытаемых сярод жыхароў Лепельшчыны.

Сакрэт папулярнасці раённай газеты просты. Менавіта тут можна даведацца аб асноўных падзеях жыцця горада і раёна, пазнаёміцца з цікавымі рэпартажамі аб значных падзеях, замалёўкамі аб жыцці нашых знакамітых землякоў, паважаных людзей. Да таго ж “Лепельскі край” з’яўляецца для чытачоў мудрым дарадчыкам, памочнікам у вырашэнні шэрагу сацыяльных праблем, шчырым суразмоўцам.

Імкліва бяжыць час, але нязменным застаецца галоўны абавязак журналістаў раённай газеты – праца ў імя чалавека. У лістападзе 2010 года “Лепельскі край” будзе сустракаць свой 80-гадовы юбілей. Для гісторыі гэта кароткае імгненне, а для саміх работнікаў і шматлікіх чытачоў раённай газеты гэта вялікі перыяд, насычаны яркімі, незабыўнымі падзеямі і нястомнай працай.

Сённяшні калектыў раённай газеты – гэта адна дружная сям’я, актыўная суполка аданадумцаў, якія знаходзяцца ў творчым пошуку, смела ідуць насустрач новым ідэям і карысным прапановам. Творчыя і тэхнічныя супрацоўнікі “Лепельскага краю” робяць усё магчымае, каб газета набывала большую колькасць падпісчыкаў. Зараз “Лепельскі край” друкуецца ў двух колерах, а па пятніцах выходзіць на васьмі старонках. У газеце з’яўляюцца новыя рубрыкі, якія цікавяць чытача і дапамагаюць у вырашэнні шэрагу набалелых пытанняў. За мінулы год значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база рэдакцыі.

Кожны супрацоўнік мае ўласны камп’ютэр, пашырае колькасць паслуг рэдакцыйная друкарня, якая працуе пры дапамозе высокаякаснай тэхнікі. Вялікай роля ў зладжанай рабоце калектыву належыць кіраўніку. Сёмы год кіруе раённай газетай галоўны рэдактар Уладзімір Шаўчэнка, здольны арганізатар, выдатны журналіст, які ўмела каардынуе новыя ідэі.

Стварэнне газеты – гэта вельмі адказная і працаёмкая справа, якая патрабуе поўнай самааддачы, асаблівай пільнасці, увагі, дакладнага ведання мовы. Раённай газеце ёсць кім ганарыцца. Больш за трыццаць гадоў прысвяціў рабоце ў раёнцы Аляксей Паўлавіч Вашкевіч. Працуючы на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара, ён актыўна шчодра дзеліцца сакрэтамі журналісцкага майстэрства з маладымі калегамі.

Не адзін дзесятак год аддаў рабоце ў газеце карэспандэнт Мікалай Сямёнавіч Крывец. Свой багаты жыццёвы вопыт ён выкарыстоўвае пры напісанні замалёвак, яркіх рэпартажаў. Значнага прафесійнага росту дасягнуў загадчык аддзела сельскай гаспадаркі Уладзімір Канстанцінавіч Шушкевіч. Гэта не толькі выдатны журналіст, а і краязнавец, несупынны вандроўнік. Шлях шматлікіх цікавых падарожжаў дакладна апісаны Уладзімірам Канстанцінавічам у яго яркіх артыкулах. Актыўна пераймае вопыт у сваіх вопытных калег малады карэспандэнт Васіль Матырка. У рэдакцыі Васіль працуе ўсяго некалькі год, але паспеў ужо сябе зарэкамендаваць адказным, мэтанакіраваным і ініцыятыўным спецыялістам. Выдатна валодае сваімі прафесійнымі абавязкамі карэктар Наталля Храпавіцкая.

Высокаадукаадукаваная асоба, яна пільна сочыць за дакладнасцю напісання слоў, лічбаў і фактаў, правільнай пабудовай сказаў. Да таго ж Наталля выдатна валодае камп’ютэрным наборам, што вельмі важна для супрацоўніка газеты. Самааддана працуюць над стварэннем дызайну газеты аператары настольна-выдавецкай сістэмы і вёрсткі Вольга Тамашэвіч і Алег Шушкевіч. Дзякуючы іх рабоце, газета выглядае прыгожай, а ўсе артыкулы аб’яднаны адзінай выразнай кампазіцыяй. Немагчыма абысці ўвагай працу бухгалтараў Наталлі Мікалаеўны Корабавай і Ганны Пятроўны Пшонка, якія ўмела размяркоўваюць грашовыя сродкі рэдакцыі. Паспяхова спраўляюцца са сваімі парфесійнымі абавязкамі работнікі друкарні Любоў Пятроўна Кавалеўская і Ганна Васільеўна Шалак. Хутка і аператыўна выконвае даручаныя абавязкі вадзіцель Мікалай Уладзіміравіч Красковіч.

У гэтым дружным калектыве, сярод сапраўдных прафесіяналаў, людзей, адданых сваёй справе, пашчасціла працаваць і мне, Святлане Аляксандраўне Сільвановіч. У раённай газеце я пачала свой шлях у журналістыцы. Тут я працую восьмы год, з’яўляюся загадчыцай аддзела пісем і сацыяльных праблем і проста не ўяўляю свайго жыцця без любімай работы, цудоўных калег, якіх лічу паўнапраўнымі членамі сваёй сям’і.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята ад усёй душы жадаю ўсяму калектыву рэдакцыі, дарагім ветэранам працы вядома ж моцнага здароўя, нязгаснага аптымізму, далейшай мэтанакіраванасці і творчай энергіі. Няхай кожны дзень прыносіць вам толькі радасць і шчасце. Шаноўным чытачам жадаю: “Заставайцеся з : “Лепельскім краем!”





НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий


НА ГЛАВНУЮ