“Зьніч”-любоў да музыкі і паэзіі, жаданне дарыць людзям сустрэчу з чароўным.


17. 05. 2008
Просмотров: 3 567
Служба новостей ЛТВ

У склад народнага літаратурна-музычнага клуба “Выток” уваходзяць самабытныя кампазітары і паэты Лепельшчыны. Сярод іх людзі розных спецыяльнасцей і прафесій. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да музыкі і паэзіі, жаданне дарыць людзям сустрэчу з чароўным. Па шчаслівай волі лёсу ў лепельскіх творцаў сем гадоў таму нарадзілася моцнае сяброўства з вядомым беларускім паэтам, нашым земляком Анатолем Вярцінскім і акцёрамі беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зьніч”. Яго мастацкім кіраўніком з’яўялецца цудоўная актрыса Галіна Дзягілева.

Не так даўно знакамітыя творцы ў чарговы раз наведалі наш горад. Прыезд сталічных гасцей быў звязаны з правядзеннем акцыі “Мы – беларусы!”.

Са сцэны Лепельскага раённага Дома культуры пазнаёміла гледачоў з нашымі знакамітымі гасцямі кіраўнік літаратурна-музычнага клуба “Выток” Вольга Казакова. З найлепшымі пажаданнямі да гледачоў звярнуўся паэт Анатоль Вярцінскі. Творца з задавальненнем прачытаў свае вершы, прысвечаныя роднай Беларусі. Свой непаўторны верш “Жывое слова” падарыла гасцям лепельская паэтэса Іна Мароз. Акампанемент паэтычнага твора выканаў на скрыпцы Алег Дыман.

У зале ўсталявалася незвычайная атмасфера ў час выступлення актрысы Галіны Дзягілевай, якая прапанавала ўвазе гледача монаспектакль “Любіць!” па паэме Анатоля Вярцінскага. Глыбокія вершаваныя радкі, прысвечаныя самым галоўным каштоўнасцям чалавека, прагучалі мілагучным матывам і прымусілі задумацца над сэнсам жыцця.

Шмат яркіх уражанняў пакінула ў гледачоў літаратурна-музычная кампазіцыя “Сэрца маё – Беларусь”, з якой выступілі ўдзельнікі літаратурна-музычнага клуба “Выток”. Узнёслым гімнам, прысвечаным роднай краіне, прагучалі вершы ў выкананні Аляксандра Котава, Соф’і Несцярук, Анастасіі Грышчук, Сташкі Грыніч. Музычны твор падарыў гледачам малады паэт і кампазітар Юрый Котаў.

Шчодрымі апладысментамі гледачы сустрэлі акцёраў беларускага паэтычнага тэатра “Зьніч” Вячаслава Статкевіча і Сяргея Сарокіна, якія выступілі са спектаклем “У краіне светлай”, прысвечанага творам класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Лірычнымі акордамі спектакля прагучалі любімыя матывы песень “Слуцкія ткачыхі”, “Вераніка”, “Зорка Венера”, “Лявоніха” і многіх іншых. Аўтарамі інсцэніроўкі сталі Аляксандр Шумбрык і Вячаслаў Статкевіч, а рэжысёр-пастаноўшчык спектакля – Галіна Дзягілева.

Пранікнёныя гукі папулярных беларускіх мелодый, лірычныя вершы зліліся ў адзіны выразны сюжэт, напоўнены шчырасцю чалавечай душы, захапленнем і адданасцю роднай краіне.

Пасля завяршэння спектакля са шчырымі словамі ўдзячнасці за падоранае свята звярнулася да артыстаў начальнік аддзела культуры Лепельскага райвыканкама Тамара Максімаўна Бароха. Крыху пазней адбылося наша інтэрв’ю з актрысай, мастацкім кіраўніком тэатра “Зьніч” Галінай Дзягілевай.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ









Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий


НА ГЛАВНУЮ