Калі набліжаешся на Баравенскіх Хутароў, абавязкова заўважыш дзве высокія ліпы. Дрэвы шырока раскінулі шаты свае, а вясковыя хаты на іх фоне здаюцца маленькімі, нібы намаляванымі на карцінцы. Між саміх дрэў-волатаў схавалася хата Ніны Носік.
Калі набліжаешся на Баравенскіх Хутароў, абавязкова заўважыш дзве высокія ліпы. Дрэвы шырока раскінулі шаты свае, а вясковыя хаты на іх фоне здаюцца маленькімі, нібы намаляванымі на карцінцы. Між саміх дрэў-волатаў схавалася хата Ніны Носік.
Гаспадыня руплівая і, нягледзячы на свае гады – а Ніне Мікалаеўне ўжо за семдзесят – даволі ўвішная, ні хвіліначкі не пасядзіць у хаце. Набрала вунь кашэль грушаў, панесла цялушцы, што навязаная на пожаньцы за агародам. І вечна нешта на агародзе поркаецца. Калі не садзіць, дык поле, калі не рыхліць, дык капае.
На ўсе Баравенскія Хутары засталося дзве каровы. Адна з іх – у Ніны Носік. А яшчэ ж цялушка, статак курэй.
— Гэта ўсё не я, гэта ўсё сынава гаспадарка, — сціпла апускае вочы працавітая жанчына, пачуўшы мае словы пахвалы. – Саша стараецца з ранку да вечара.
Ніна Мікалаеўна вядзе на падворак, паказвае сынаў трактарок, на якім той агарод апрацоўвае. Прыгожая, дагледжаная тэхніка.
Аляксандр працуе ў Лепелі, мае там дом, сям´ю, аднак «прападае» на бацькаўшчыне. Кожную раніцу, як гадзіннік, туды – на працу, увечары ў вёску на агарод і да гаспадаркі.
У Сашы тут родная хата і родныя дрэвы. Тут буслянка і птушкі, да якіх прывыкла ўся сям´я – і дзеці Нініны, і ўнукі, і нават праўнукі, якіх у яе чацвёра. Буслы жывуць на падворку ў Носікаў спрадвеку. Як зазвычай, птушкі гэтыя павінны прыносіць у хату шчасце, аднак не ўсё так адназначна… Ну ды пра гэта ніжэй, а зараз – пра буслоў. Ці прынеслі птушкі шчасце людзям, аднак самі спазналі вялікае гора.
— Электрыкі наводзілі парадак на дрэве, — распавядае Ніна Мікалаеўна, падразалі галіны і – скінулі буслянку. А там двое буслянят было. Адзін – насмерць, а другі выжыў, але моцна параніўся. І Саша мой, у якога добрае, чулае сэрца, узяўся яго выходжваць. І – выхадзіў.
Птушка настолькі прывыкла да людзей, што стала ручною. Есць вунь разам з курамі, ідзе на рукі. Зразумела, ні ў які вырай бусел не паляцеў, а застаўся жыць у Баравенскіх Хутарах.
— А што ж будзе з ім зімою, — пытаюся ў Ніны Мікалаеўны з трывогаю.
— А нічога страшнага, — аптымістычна адказвае, — перазімуе вунь у хляве з курамі.
У бабулі вывеліся дзевяць куранят, ды бадай адны пеўні. Весела на падворку. Цэлы хор спявае-кукарэкае на ўсе галасы, як хто здольны.
Спявае, бывае, і сама гаспадыня. Вунь з суседкаю і сяброўкаю Фаінай як завядуць задушэўную, і сэрца грэецца на цёплым сонейку ранняга бабінага лета.
А жыццё тым часам у Ніны няспеўнае. Думала, што і ніколі ўжо болей рот не раскрые, пахаваўшы мужа, а пасля і старэйшага сына Валеру. А вось жа чалавек – дзіўная істота. Прайшлі гады, дзесяцігоддзі. Не, не загаілася матчына сэрца, і ніколі не загоіцца. Аднак жывы пра жывое думае. Вось і Ніна раптам возьме дый пацешыць душу песняю. Не галавою ж біцца ў сцену ад гора.
Зрэшты, цяперашняе жыццё ў гаспадыні хаты пад буслянкаю, скажам так, неблагое. Птушкі ўсё ж падарылі ёй шчасце – добрага сына і клапатлівую дачку Людмілу, якая таксама дапамагае. Вельмі цешаць унукі. Дзімка з Сашам — хлопцы руплівыя. Рана, праўда, пажаніліся, ды затое ў самой, не старой яшчэ, праўнукі. Дзімка -будаўнік, Сашка — шафёр. Сапраўдныя мужыкі, працы аніякай не цураюцца. А ўсё чаму? Таму што ў Баравенскіх Хутарах на працы выраслі. Руплівая бабуля гэткімі ж працалюбівымі выхавала і ўнукаў.
Сама родам з гэтай жа вёскі. У Бораўне на танцах са сваім Васілём пазнаёміліся. Ды што там знаёміцца, аднавяскоўцы ж, хіба што бліжэйшымі сталі. І ісці нікуды не трэба было. Адно што перайшла агародамі з пасёлка ў маленькую Васілёву хату і жыць сталі. Хата тая і зараз стаіць на падворку. Пасля новую пабудавалі. Таксама раннія, па дваццаць гадоў абодвум было, як пажаніліся. Спачатку цялят глядзела, затым пайшла даяркай у “Парыжскую камуну”. Сямнаццаць кароў уручную даіла.
Успамінае:
— Ляжаш не на ложак, а на лаву, каб спрытней уставаць было і не праспаць. Бо падымацца рана трэба было. І што ты думаеш, спіш як пшаніцу прадаўшы.
І дзяцей так вырасцілі – у перапынках паміж штодзённаю вечнаю працаю…
Бусляня акурат некуды адбеглася пагуляць, як усё роўна фатаграфавацца не захацела.
Хай пагуляе, пакуль Аляксандр на працы ў Лепелі. Вечарам абавязкова абодва дадому вернуцца.
Хочацца верыць, што і шчасце таксама прыб’ецца да дому Ніны Носік. Нездарма ж буслы яго на крылах прыносяць.